Паважаныя бацькi!

Дата: 17 марта 2021 в 15:31
154 просмотра

Сярод праблем, якія стаяць сёння перад грамадствам, на адно з першых месцаў выходзіць праблема наркаманіі, асноўная мішэнь якой – маладое пакаленне. За апошнія 5 гадоў у вобласці закончана папярэдняе расследаванне па 126 крымiнальных справах у адносінах непаўналетніх па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў”. Больш за палову такіх злачынстваў звязаныя са збытам псіхатропных рэчываў.

Аналіз судовай практыкі гаворыць пра тое, што да непаўналетніх “збытчыкаў” псіхатропных рэчываў прымяняюцца пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі тэрмінам ад 7 да 12 гадоў.
Так, у 2020 годзе непаўналетнія юнак і дзяўчына, якія працавалі рознічнымі кур’ерамі Інтэрнэт-магазіна па продажы наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, асуджаныя Гомельскім абласным судом па частцы 4 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў.
У цяперашні час на стадыі папярэдняга расследавання знаходзяцца крымінальныя справы ў дачыненні да дзясятка падлеткаў, якімі здзейснена 16 нарказлачынстваў, 15 з якіх звязаны са збытам асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва Альфа-PVP.
Арганізатары наркабізнесу абяцаюць падлеткам хуткі і, самае галоўнае, бяспечны даход. На жаль, як паказвае практыка, “закладнікам” дастаюцца толькі вялікія тэрміны пазбаўлення волі, зламаныя лёсы і не рэалізаваныя мары. Сёння ідзе неаб’яўленая вайна наркамафіі супраць нашых дзяцей!
Паважаныя бацькі! Нашы дзеці кожны дзень выходзяць з пад’езда, гуляюць у двары, ходзяць на вучобу, дыскатэкі. Яны маюць зносіны з аднакласнікамі, аднакурснікамі, з тымі, хто жыве побач. Дзе гарантыя таго, што менавіта нашы дзеці не апынуцца ў полі зроку наркагандляроў? Ці можам мы быць упэўненымі, што яны змогуць адказаць цвёрдым “Не!” на прапанову паспрабаваць наркотыкі?
Мы ўсе разам павінны рашуча адвесці нашых дзяцей ад краю прорвы. Іх дабрабыт шмат у чым залежыць ад нашых сумесных намаганняў.
Камісія па справах непаўналетніх
Гомельскага аблвыканкама.
Упраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.